Перейти к основному содержанию

Лета юрфака ў Нямеччыне - 2008 (культурна-адукацыйная праграма DAAD)

Ведаеце, з чаго пачынаецца прыбыццё на цягніку на тэрыторыю Еўрапейскага саюза? З суровых мытнікаў? Не зусім дакладна. Паперш трэба змяніць колы ў цягніку (шырыня еўрапейскай чыгуначнай каляі не супадае з нашай)!
Прыбылі мы ў Берлін з 2-хгадзінным спазненнем дзесьці а адзінаццатай гадзіне ранку. На пероне станцыі Ліхтэнберг нас віталі прадстаўнік DAAD (аб гэтым некалькі ніжэй, за вашага дазволу), наш гід - Ганна Фрызен і Зміцер (“Наш-Чалавек-у-ЕС”) Аўдзееў – наш студэнт юрфака БДУ (а па сумяшчальніцтве – і універсітэта горада Більбао.

У той жа дзень мы адправіліся аглядаць рэшткі берлінскай сцяны – так званая экскурсія, а дакладней “прыемная прагулка” па трыццаціградуснай спёцы па цэнтру Берліна. Але ж усё роўна – цікава. Па праўдзе кажучы, усе былі крыху здзіўлены яе сучасным аптымістычным выглядам. Далей – пад’ём на звышхуткасным ліфце на дах небачоса і – Берлін як на далоні. Потым – Брандэнбугская брама, Унтер-дэн-Ліндэн...

Але меркаваць, што ўсё наша падарожжа – звычайная экскурсія не зусім дакладна. У пачатку артыкула пад скарачэннем DAAD я ўзгадаў арганізатара з нямецага боку і, што напэўна яшчэ больша важна, спонсара нашага падарожжа – «нямецкую службу акадэмічных абменаў» (Deutscher Akademischer Austausch Dienst), мэтай дзейнасці якой з’яўляецца ажыццяўленне рознага кшталту праграм і мерапрыемстваў у сферы адукацыі, а менавіта – прадастаўленне паслуг па пытаннях атрымання адукацыі і правядзення навуковых даследванняў у Нямеччыне. Трэба тут жа адзначыць, што наша падарожжа было здейснена у рамках адной з самых кароткатэрміновых агульнаадукацыйных праграм, з ліку тых, што прапаноўвае дадзеная арганізацыя, так што, спадарства, за больш падрабязнай інфармацыяй, не трэба бянтэжыцца, звяртайцеся на сайт DAAD - http://www.daad-ic-minsk.by/

Аднак, бліжэй да тэмы. На наступны дзень быў Бундэстаг (і ўвесь комплекс будынкаў нямецкага вышэйшага заканадаўчага органа) - гэта цэлы дзень. На правах спадара нас прымаў доктар Герхард Ракініус (дарэчы, не так даўно ён наведваў юрыдычны факультэт БДУ), які пачаў з тэматычнага дыялога па пытаннях парламентарызму ўвогуле і ў Нямеччыне – непасрэдна, напрыканцы якога адбылася сустрэча са стыпендыяткамі з Рэспублікі Беларусь міжнароднай парламенцкай праграмы (IPS. Гэта праграма для ўжо атрымаўшых дыплом аб вышэйшай адукацыі спецыялістаў).

Пасля сустрэчы - абед у рэстарацыі парламента, дзе, дарэчы, у бары прапаноўваліся паміма сокаў і вод спіртныя напоі – гэта аб пытанні актыўнасці дэпутатаў у пасяджаннях: пасля абеда, напэўна, кансэнсус знаходзіцца лягчэй…

Скончылася наведванне Нямецкага Парламента экскурсіяй па будынку Бундэстага і ўзыходжаннем на самы верх знакамітага шклянога купала яго даха (празрысты купал, як мы зразумелі, з’яўляецца сімвалам транспарэнтнасці нямецкага парламентарызму і прыняцця палітычнах рашэнняў). І ў той жа дзень, увечары – ад’езд у Дрэздэн, Фларэнцыю на Эльбе, як яго часта называюць, што, дарэчы, праўдзіва.

А далей усё закруцілася з неверагоднай хуткасцю: гарады, людзі, сустрэчы, а ніводнай хвілінкі пакоя. З такім напружаным графікам, які нам прапанавалі, вядома трэба было таксама знаходзіць час для самастойнага знаёмства с Нямеччынай – людзьмі, месцамі, культурамі, традыцыямі – добра, што гарады доўга не спяць і транспарт ходзіць амаль да трэцяй гадзіны ўначы, а яшчэ нам пашанцавала: мы папалі на фінал чэмпіяната міра по футболу, а для немцаў футбол... напэўна, больш, чым для беларусаў зараз хакей!

Гэта ўсё я кажу для таго, што апісваць архітэктурныя прыгажосці не мае сэнсу – трэба самому ўсё ўбачыць, пераказваць змест усіх арганізаваных сустрэч – доўга і нецікава, а да таго ж, на ўсе – не хопіць ні часу ў мяне, ні месца ў артыкуле.

Астанавіцца толькі ўсё ж хацелася б на пэўных момантах, якія, калі ўжо непасрэдныя ўспаміны адышлі, і засталіся факты, на якіх грунтуецца тое ўражанне, якое пакінула Нямеччына (трэба адзначыць, што, любое ўспрыманне рэчаіснасці, мае – таксама безумоўна суб’ектыўна), якую давялося ўбачыць з пункту гледжання, што прапанавалі нам спадары з НСАА (DAAD).

Па-першае, праграму наведванняў і сустрэч складалі сумесна. НСАА сапраўды цікавіць нашы прэферэнцыі накшталт таго, што мы жадаем убачыць і наведаць. А яшчэ, дарэчы, невялічкі факт: незадоўга да адпраўлення НСАА даслала на ўзгадненне … меню вышейназванага абеду ў Бундэстагу, з прапанаванымі 17 блюдамі на выбар! Гэта што да арганізацыі, арганізаванасці і педантычнасці. Усё ж дзелавы падыход да, здаецца, дробязей, якасць, якую варта пераймаць...

Па-другое, Нямеччына – краіна і дзяржава, радая гасцям і ствараючая дастаткова ўмоў для камфортнага знаходжання на яе тэрыторыі, у адпаведнасці з мэтамі. А асобна хацелася б адзначыць колькасць менавіта праграм, у сферы адукацыі, прызначаных для замежнікаў з розных краін свету. Пры чым узровень і тематыка праграм вельмі розная – на любы густ. Юрыдычным гурманам, для прыкладу, прапаноўваецца навучанне (усё ж - платнае, нікуды не дзецца, але таксама існуе сістэмы стыпендый, грантаў...) ва універсітэце горада Ляйпцыг – на юрыдычным факультэце; а для ўжо скончыўшых ёсць магчымасць адправіцца адразу ў Бундэстаг. Не дэпутатам, зразумела, памочнікам – у рамках адпаведнай праграмы нямецкага Парламента.

Што да адносін, якія складаліся з немцамі (я перш за ўсё маю на ўвазе тых, з кім былі арганізаваны сустрэчы, хто з’яўляўся нашымі гідамі і г.д.), трэба адзначыць, што яны складаліся на прынцыпах узаемнай увагі і павагі адзін да аднаго і спраў, па якіх адбываліся сустрэчы, незалежна ад пасады, якую займаў наш суразмоўца. Я менавіта маю на ўвазе: нягледзячы на тое, што, калі сумленна, мы падчас адрывалі дзяржаўных дзеячаў зусім не малага рангу ад выканання іх непасрэдных абавязкаў (а бывала – і проста перашкаджалі, як, напрыклад, калі давялося прысутнічаць на разглядзе грамадзянскай справы ў Вышэйшым судзе зямлі: для нас, так як не ўсе валодалі нямецкай мовай, рабілі спецыяльныя паўзы, каб перакладчык мог адпаведна данесці сутнасць таго, што адбываецца! А зараз уявіце сабе тую ж сітуацыю, напрыклад, у Мінскім абласным судзе, ці ў Вярхоўным...), стаўленне было больш чым паважлівае і карэктнае. Гэта што да культуры зносін і разумення значнасці спраў кожнага...

Наогул, вядома, пісаць можна шмат – тэма адпаведная для распрацоўкі: хапае пытанняў, якім варта надаць увагу, аднак, на жаль, фармат артыкула не дазваляе. Калі падвадзіць нейкі пэўны вынік вышэйсказанаму, трэба адзначыць, што, калі браць шырока, міжнроднае супрацоўніцтва, незалежна ад сферы, пачынаецца і грунтуецца менавіта, на мой погляд, на такога рода падарожжах – вельмі вялікі штуршок у развцці і пашырэнні культурнага ўзроуня і ўзроўня культуры міжнародных зносін пэўнай сферы. Для асобы ўдзел у такіх праграмах – істотны стымул для развіцця асобы і пашырэння кругагляду і, нават, пэўнага змянення прынцыпаў міраўспрымання. Адным словам, спадарства, сумяшчайце прыемнае з карысным – выбірайце праграму, вучыце мову, пакуйце дарожную сумку і – у шлях! Толькі не забудзьцеся адкрыць візу, ды ўсміхнуцца мытнікам – ні без першага, ні без другога ёсць рызыка не трапіць да суседзяў…

Аўтары: Ягор Зеляноўскі, Аляксандр Каралёнак
Аўтары выказваюць вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоуцы артыкула выкладчыку кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ Вадзіму Ігаравічу Самарыну.