Перейти к основному содержанию

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя яднае людзей

Два дні, 10 і 11 кастрычніка 2008 года, больш за 100 навукоўцаў Беларусі, Літвы, Нямеччыны, Расіі і Украіны былі аб’яднаны ідэяй удасканалення заканадаўства і развіцця прававой думкі. У БДУ прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Нацыянальная дзяржаўнасць і еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы”.

У яе рамках таксама адбыўся круглы стол “Еўрапейская інтэграцыя і права фінансавых паслуг”.

Арганізатарамі з’яўляюцца БДУ і юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, а таксама універсітэт горада Марбург (Нямеччына) пры падтрымцы Фонда доктара Райнфільда Поля.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся:

  • рэктар БДУ прафесар Васіль Іванавіч Стражаў,
  • дэкан юрыдычнага факультэта універсітэта г. Марбург праф. Горнінг Гілберт,
  • дэкан юрыдычнага факультэта БДУ праф. Сяргей Аляксандравіч Балашэнка,
  • загадчык кафедры прыватнага і гаспадарчага права універсітэта г. Эрланген-Нюрнберг праф. Гаральд Германн.

З дакладамі на пленарным пасяджэнні выступілі:

  • Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ Рыгор Аляксеевіч Васілевіч (“Развіццё нацыянальнай прававой сістэмы Беларусі ў кантэксце еўрапейскай прававой прасторы: тэндэнцыі, праблемы, перспектывы”),
  • мітрапаліт Мінска-Магілёўскай Рымска-каталіцкай Архіепархіі доктар багаслоўя Тадэуш Кандрусевіч ("Quo vadis Europa" Хрысціянскія каштоўнасці ў кантэксце еўрапейскай інтэграцыі”).

На перапынку ўдзельнікі абмяркоўвалі даклады, якія яны толькі заслухалі і мелі магчымасць пагутарыць з самімі дакладчыкамі.

Пасля былі заслуханы даклады:

  • Ганаровага праф. Універсітэта г. Марбург (Нямеччына) доктара права, адваката Эдгара Вайлера (“Еўрапейскае права фінансавых паслуг і еўрапейскае заканадаўства аб фінансавых паслугах – як карысны вопыт для заканадаўцы Рэспублікі Беларусь”),
  • Акадэміка Акадэміі прававых навук Украіны, прафесара Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Т. Шаўчэнкі Уладзіміра Іванавіча Андрэйцава (“Рэалізацыя правасуб’ектнасці навукоўца ва ўмовах еўрапейскай інтэграцыі”),
  • Праф. кафедры міжнародных эканамічных зносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта эканомікі і фінансаў Юрыя Уладзіміравіча Мішальчанкі (“Роля Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах”).

У другой палове дня 10 кастрычніка ўдзельнікі канферэнцыі працягвалі абмеркаванне пытанняў па галіновых накірунках сучаснага права.

Працавалі пяць секцый:

  • Еўрапейская канстытуцыйная прастора як аснова інтэграцыі (пад старшынствам праф., доктара юрыдычных навук Рыгора Аляксеевіча Васілевіча),
  • Еўрапейская інтэграцыя і рух капітала (пад старшынствам дац., кандыдата юрыдычных навук Сяргея Пятровіча Пратасавіцкага),
  • Барацьба з правапарушэннямі як фактар стабільнага развіцця Еўропы (пад старшынствам дац., кандыдата юрыдычных навук Андрэя Віктаравіча Шыдлоўскага),
  • Сацыяльнае і працоўнае права ва ўмовах інтэграцыйных працэсаў (пад старшынствам дац., кандыдата юрыдычных навук Анатоля Аляксандравіча Войціка),
  • Праблемы экалагічнай бяспекі ва ўмовах еўрапейскай інтэграцыі (пад старшынствам дац., кандыдата юрыдычных навук Наталлі Адамаўны Шынгель).

Прыемна адзначыць, што ў секцыйных дыскусіях прымалі ўдзел студэнты факультэта. Зразумела, што, калі яны ўжо цяпер цікавяцца складанымі пытаннямі прававой навукі і маюць прагу да дадатковых ведаў, яны змогуць у будучым працягваць справу сучасных навукоўцаў.

Ранкам суботы ўдзельнікі канферэнцыі падвялі вынікі. Было адзначана, што Беларусь таксама ўдзельнічае ў еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах і яе заканадаўства ўсё больш гарманізуецца з заканадаўствам іншых краін Еўропы.

КонференцияУдзельнікам канферэнцыі таксама была прапанавана культурная праграма. Разам з прадстаўнікамі аргкамітэта яны наведалі выдатныя помнікі беларускай архітэктуры: замак у г.п. Мір і палац Радзівілаў у Нясвіжы. Акрамя таго, былі наведаны Ратуша і касцёл Св. Цела Божага ў Нясвіжы, а таксама толькі адчыненыя пакоі ў палацы Радзівілаў.

Правядзенне такога знакавага мерапрыемства, безумоўна, было бы немагчымым без працы кіраўніцтва універсітэта і факультэта, членаў Аргкамітэта. Але Аргкамітэт асобна хоча адзначыць ролю студэнтаў юрыдычнага факультэта, якія зрабілі шмат чаго, каб канферэнцыя адбылася на адпаведным высокім узроўні. Менавіта яны сядзелі з некаторымі членамі Аргкамітэта да дванаццатай гадзіны ўначы, забяспечвалі рэгістрацыю ўдзельнікаў, правядзенне пленарнага пасяджэння і працу ў секцыях.

В.І. Самарын
Фота - В.Знак, Дз.Халімончык, В.Самарын