Перейти к основному содержанию

Мужны той, хто праз боль умее ўсміннуцца

Мая бабуля пражыла са сваім мужам Іванам Браніславічам Бібікам больш за 40 год. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў маладосці ён страціў зрок, дзядуля быў вельмі вясёлым чалавекам, выдатным працаўніком.
Прайшоў час, і не стала маіх любімых бабулі і дзядулі. Але ж ад іх я пачула нямала цікавых гісторый з жыцця невідучых людзей, вырашыла запісваць. Думаю, што вам таксама будзе цікава даведацца аб тым, як няпроста жывецца інвалідам па зроку, як патрэбны ім наша дапамога і ўвага, наша разуменне. Смешныя гісторыі, але колькі болю ў іх…

“Мой конь не курыць”

Аднойчы трое невідучых хлопцаў пайшлі ў свой выхадны дзень у кавярню выпіць піва ды перакусіць. Пасядзелі, а потым паціху пайшлі на ганак пакурыць. А запалак, як на ліха, ні ў каго не аказалася. Чуюць, непадалёк ад ганка, крыху збоку, нехта дыхае. Вось адзін з іх пытае: “Панок, можа, запалкі маеш, каб прыкурыць нам?” У адказ – сапенне. Другі кажа: “Мусіць, п’яны, а трэці: “ А можа, глухі?” І моцна так просіць: “Дзядзька, дай агню!”
У гэты час падышоў гаспадар. Пачуўшы, чаго яны просяць, адказаў: “Хлопцы, мой конь не курыць!”

Каза ажаніла

Прыехаў у Маладечна з вёскі сляпы хлопец. Ну, вядома ж, горад, бруду няма, чыстыя вуліцы.
Вечарам, прыбраўшыся, з кіёчкам, ён выйшаў на вуліцу і стаў ціхенька шпацыраваць туды-сюды. І вось чуе – стукаюць абцасікі, ды так спрытна, так дробненька: цок-цок-цок – аж душа ў хлопца замерла, аж кроў у галаву стукнула.
Ну, думае, тут ужо я пазнаёмлюся, што б там ні было. А абцасікі ўсё дражняць яго: цок-ток ды цок-ток. Ён за імі падаўся, ды так па-руску кажа: “Девушка, разрешите познакомиться! Не бойтесь меня!» А каза, якую ён прыняў за “девушку”, яму ў адказ: “Б-э-э-э!” Ды і рагамі на яго, рагамі. Падбегла маладая гаспадыня, адагнала казу, а няўдалага жаніха ўзяла пад руку і падвяла дадому. Па дарозе юнак з ёй пазнаёміўся, і што б вы думалі – ажаніўся.
І, можа, калі б не тая каза, так і хадзіў бы хлопец халасцяком.

Адпомсціла

У Маладзечна пасля вайны сляпыя валялі валёнкі. Працавала ў асноўным моладзь. Дзяўчаты ў адным памяшканні рабілі аснову, а ў другім хлопцы валялі. Дзяўчаты хадзілі ў валёначны цэх па гарачую ваду.

Вядома ж, хлопцаў хлебам не кармі, а дай пакпіць з дзевак. Асабліва любілі іх абліваць вадой, так і пільнавалі, так і пасвілі, і візгу і рогату было шмат.
Самі ж хлопцы хадзілі да дзяўчат у цэх па аснову. І вось адна з дзяўчат, удзельніца самадзейнасці, вясёлая, жартаўлівая, якой часцей за іншых даставалася, вырашыла ім адпомсціць. Набрала вядро вады і схавалася за дзвярыма. Дзеўкі з цікавасцю чакалі, хто ж пападзе пад халодны душ, бо Шурка як сказала, так і зробіць.
Раптам пачулі – ідуць, гамоняць. Чуваць, што двое. Вось і добра, адразу дваім адпомсціць. Будуць даўга помніць!

Адчыніліся дзверы, і ў іх паказаліся дзве мужчынскія постаці. А на іх Шура плюх з вядра… Яны толькі ахнулі, і тут дзяўчаты з жахам зразумелі, што гэта былі нейкі важны начальнік з райвыканкама і загадчык іх арцелі.
Загадчык і не ведаў, што гаварыць свайму госцю. Але той аказаўся вельмі чулым і добрым чалавекам. Зразумеўшы, у чым тут справа, ён толькі пасмяяўся. На тым і скончылася дзявочая помста, а смеху было надоўга.